Беларуская Служба

Радаслаў Сікорскі паведаміў пра пашкоджанне польскага консульства ў выніку расійскага абстрэлу Кіева

04.07.2025 12:47
Міністр замежных спраў Польшчы падкрэсліў, што Украіне тэрмінова патрэбныя сродкі супрацьпаветранай абароны.
Месца ўдару беспілотніка па будынку ў КіевеEPA/SERGEY DOLZHENKO Dostawca: PAP/EPA.

Будынак консульскага аддзела польскай амбасады пашкоджаны падчас расійскага нападу на Кіеў, паведаміў польскі міністр замежных спраў. «Я толькі што размаўляў з паслом Лукасевічам, усе цэлыя і здаровыя», — дадаў кіраўнік польскай дыпламатыі ў паведамленні ў сацыяльных сетках.

Радаслаў Сікорскі падкрэсліў, што Украіне тэрмінова патрэбныя сродкі супрацьпаветранай абароны. Ён таксама звярнуўся да прэзідэнта ЗША. «Прэзідэнт Трамп, Пуцін здзекуецца з вашых намаганняў па дасягненні міру. Калі ласка, аднавіце пастаўкі зенітных боепрыпасаў ва Украіну і ўвядзіце новыя, жорсткія санкцыі супраць агрэсара», — напісаў Радаслаў Сікорскі.

Пентагон прыпыніў пастаўку ў Кіеў тысяч ракет супрацьпаветранай абароны Patriot, 155-мм ракет, ракет Hellfire, ракет HIMARS і ракет класа «зямля-паветра» Stinger. Частка боепрыпасаў ужо знаходзілася ў дарозе з Польшчы ва Украіну.

ПР/юл